«У больніцах не хочуць нараджаць нават акушэркі»

By 27.04.2017Блог

Доўла, інструктар па гімнастыцы для цяжарных і маладых мам, маці траіх дзяцей Настасся Навіцкая распавядае ў якіх умовах працуюць «мамы для мамы», чаму беларускія жанчыны пазбягаюць радзільняў, а за роды ўдома пагражаюць… крымінальнай адказнасцю.

доула+минск, доула+интервью, доула+беларусь

(Не)чаканая дапамога

Настасся Навіцкая юрыст, пачала вывучаць разнастайныя кампетэнцыі, якія дазваляюць працаваць доўлаю, амаль два гады таму, хаця ў тэме родаў даўно – яе бацька ў 1993 годзе адным з першых пачаў прымаць хатнія роды ў Менску.

Нягледзячы на тое, што першыя спробы змяніць савецкую сістэму родадапамогі былі зроблены больш за 20 гадоў таму, сёння мала хто ведае, хто такія доўлы. Памочніца ў родах не бярэ на сябе абавязкі медычнага персаналу і не з’яўляецца духоўнай акушэркай. Доўлы ці дулы – жанчыны, якія дапамагаюць падчас родаў, падрыхтоўкі да іх і ў пасляродавым аднаўленні. Яны не звяртаюцца да духоўных ці рэлігійных практык, маральна падтрымліваюць парадзіху ды валодаюць немедыкаментознымі сродкамі абязбольвання: масажам, практыкаваннямі па дыханню і гэтак далей. Памочніц у родах часцяком называюць «мама для мамы».

«Доўла – унікальная жанчына, якая прымае сваю падапечную такой, якая яна ёсць, – дзеліцца вопытам Настасся Навіцкая. – Хоча жанчына кесарава? Доўла мусіць прапанаваць актуальную дакладную інфармацыю аб гэтым, каб будучая маці магла прыняць узважанае рашэнне. Нават калі меркаванне доўлы не супадае з жаданнямі жанчыны, яна не мусіць падаваць інфармацыю аднабакова. Безумоўна, гэта вельмі цяжка, але да гэтага трэба імкнуцца. Акрамя таго, доўла не мае права раіць медычныя прэпараты, фізічныя практыкаванні».

У сучасных беларускіх рэестрах адсутнічаюць такія прафесіі, як доўла, кансультант па грудным кармленні, хатняя акушэрка. Апошнія ўвогуле могуць атрымаць турэмны тэрмін за аказанне медычных паслугаў па-за сценамі шпіталя. Між тым, дзясяткі людзей фактычна нелегальна дапамагаюць новым беларусам з’яўляцца на свет. Немагчыма і надалей рабіць выгляд, што зʼявы не існуе.

«У Менску прыкладна дзесяць доўл і яшчэ па 1-2 у рэгіёнах. На жаль, гэтага недастаткова для таго, каб зарэгістраваць асацыяцыю нацыянальнага маштабу. Таму мы вырашылі аб’яднацца з прадстаўнікамі блізкіх кірункаў (перынатальнымі псіхолагамі, астэапатамі, кансультантамі па грудным кармленні) і стварыць сваю грамадскую арганізацыю. Безумоўна, у нашым статуце мы не ўзгадваем ні доўл, ні кансультантаў па грудным кармленні. Мы – арганізацыя падтрымання сям’і. Але гэта адзіная магчымасць развіваць нашу дзейнасць».

йога для беременных+минск, послеродовая доула+минск

Даследаванні, якія праводзілі еўрапейскія ды амерыканскія вучоныя сведчаць, што прысутнасць доўлы дапамагае паскорыць роды, адмовіцца ад анестэзіі і нават пазбегнуць кесарава. Жанчыны, якія прайшлі праз сумесныя роды ў Беларусі, адзначаюць, што ў прысутнасці партнёра ўзнікае куды менш праблем з медычным персаналам, чым без яе. Пры гэтым сёння суправаджаць жанчыну ў родах можа яе муж, маці і ў рэдкіх выпадках сястра толькі пасля спецыяльных курсаў. Між тым, і гэта не гарантуе таго, што блізкія патрапяць у шпіталь – там можа быць каранцін ці проста не будзе вольных родавых. Доўлам жа, з нядаўняга часу, уваход у радзільні зачынены.

Уцёкі з радзільні

Пакуль чыноўнікі рапартуюць аб поспехах айчыннай медыцыны – Беларусь сапраўды у ліку краінаў з нізкім узроўнем смяротнасці ў родах, – жанчыны намагаюцца любымі сродкамі пазбегнуць паслуг беларускай медыцыны. Сем’і публікуюць свае парады – ехаць нараджаць у Вільню, даваць хабар за «падстрахоўку» дактарам, нараджаць ўдому ці прыехаць у шпіталь у самы апошні момант.

«Сёння мы змагаемся за тое, каб змяніліся ўмовы ў радзільнях. Ад родаў у медычных установах звычайна адмаўляюцца жанчыны, якія ўжо былі там. Неабходна дамагчыся, каб да родаў дапускалі партнёраў, каб выконваліся пратаколы. Часта можна пачуць, што трэба мяняць заканадаўства. Не!

Усё ўжо прапісана: што не трэба паскараць роды, што трэба выкладваць немаўля маці на грудзі, што можна адразу не пераразаць пупавіну, калi мацi i дзiця ў добрым стане пасля родаў, што парадзіха можа прывезці сваю бялізну і гэтак далей. Але гэтыя пратаколы не выконваюцца. Чаму? Пытанне не да мяне.

Літаральна ўчора мне званіла акушэрка з Магілёва. Яна ўжо даўно працуе ў шпіталі і зараз цяжарная. У жанчыны паніка – яна баіцца нараджаць у сваёй радзільні. Яна гатовая ехаць куды-небудзь у прыгарад, каб ціха нарадзіць там. Але ж гэта абсурд!»

Настасся Навіцкая прызнаецца, што аб сітуацыі ў беларускіх медычных установах ёй даводзіцца меркаваць са словаў калегаў ды на ўласным вопыце парадзіхі. Доўлам немагчыма патрапіць у радзільні па ўсёй краіне. Сітуацыя пагоршылася прыкладна год таму, калі спачатку правілы прысутнасці партнёра на родах змянілі ў Гомлі, а ўслед умовы перапісалі іншыя медычныя ўстановы Беларусі.

Злачынства нараджэння

Распавядаючы пра праблемы супрацы доўл і медычных устаноў, Настасся Навіцкая падкрэслівае, што справа не толькі ў прафесійных цяжкасцях. Большасць з тых, хто сёння дапамагае іншым, учора самі прайшлі праз сістэму айчынных радзільняў са знявагай, прыніжэннямі, болем.

«За апошні час істотна ўзрасла колькасць хатніх родаў. Я магу меркаваць па тым, што кажуць хатнія акушэркі. Па іх словах, попыт вельмі вялікі. Звычайна яны бяруць у месяц 1-2 асобы на хатнія роды, пры гэтым вымушаны адмовіць яшчэ 6-8 жанчынам. Паўстае пытанне, чаму беларускі адмаўляюцца ехаць у радзільні? Чаму ім так страшна»?

Настасся запэўнівае, што хатнія роды на 100% не з’яўляюцца вынікам маргінальнасці ці распешчанасці парадзіх. Большасць семʼяў грунтоўна ўзважвае ўсе за і супраць. Іх не пужае, што нельга будзе атрымаць частку сацыяльных выплатаў, прыйдзецца прайсці праз доўгую працэдуру рэгістрацыі «хатняга» немаўля. Пры гэтым ціск на жанчыну, якая вырашыла нарадзіць дзіця дома, пачынаецца яшчэ падчас цяжарнасці. І выбіраюць для гэтага не самыя элегантныя метады.

«У 17-ай кансультацыі Менску жанчынам на подпіс, мне ў тым ліку падчас маёй апошняй цяжарнасці, даюць такую паперку, дзе палохаюць крымінальным кодэксам, законам «Аб ахове здароўя», статусам сацыяльна небяспечнай сям’і. Усё для таго, каб не дапусціць хатніх родаў. Гэтая паперчына не нясе ніякай юрыдычнай сілы, немагчыма асудзіць за тое, што не хочаш ехаць у шпіталь. Я падпісала паперку, але нарадзіла ўдома. Пры гэтым сама па сабе з’ява адлюстроўвае стаўленне Мінаховы здароўя да хатніх родаў».

Анастасія ўпэўнена, што ад супрацы з доўламі радзільні толькі выйграюць.

«Мяркую, што лепшы варыянт для Беларусі – прыватныя перынатальныя цэнтры, у якіх жанчыны без паталогіяў змогуць нараджаць натуральна і дзе да іх будуць ставіцца з павагай. З некаторымі радзільнямі ў Маскве можна заключыць дамову на роды і прыехаць нараджаць са сваёй акушэркай. Вас ніхто не кранае, але калі ўзнікне патрэба, то побач ёсць дактары, рэанімацыя, аперацыйная і ўсё неабходнае для аказання экстраннай дапамогі. Мне падаецца, што гэта ідэальны варыянт. Калі жанчына без паталогіяў можа нарадзіць спакойна і натуральна – гэта цудоўна».

Марыя Малевіч, belsat.eu

Фота хатні архіў гераіні.

Здесь пока еще нет комментариев